Пра тэатр

Тэатр, народжаны тройчы…

Гарадзенскаму абласному тэатру лялек павезла, таму што ён можа адзначаць свой Дзень народзінаў тройчы ў годзе: 2 лютага, 1 і 11 лістапада. Паўнапраўны чацвёрты Дзень народзінаў – дата першай прэм'еры 25 траўня. Аднак, пра ўвесь па парадку…

У лютым 1940 года ў Горадню гастраляваў Цэнтральны тэатр лялек С. Абразцова. Тутака ж пасля акупацыі Польшчы апынуліся Уладзіслаў Ярэма, яго жонка Стафанія і створаная імі трупа тэатра лялек. Пры падтрымцы С. Абразцова 2 лютага 1940 года быў адкрыты Гарадзенскі дзяржаўны тэатр лялек пад кіраўніцтвам У. Ярэмы – першы прафесійны лялечны калектыў у горадзе.

Першай прэм'ерай новага тэатра стаў спектакль «Цырк Тарабумба» У. Ляха. Пазней рэпертуар папоўніўся пастаноўкамі «Тры сёстранькі», «Мішка Баравік», «Патапыч», «Гусяня» Н. Гернэт (рэжысёр усіх спектакляў – У. Ярэма, мастак – Б. Шескин, мастак па ляльках – З. Ляснеўская). Апошняя прэм'ера тэатра – спектакль «Чароўная лямпа Аладзіна» Н. Гернэт – створаны пры падтрымцы С. Абразцова і мастака Б. Тузлукава. Праіснаваў тэатр У. Ярэмы нядоўга: пачалася вайна…

Другі раз тэатр лялек «нарадзіўся» летам 1946 года ў Доме народнай творчасці. З газет тых гадоў вядома, што першымі спектаклямі, створанымі рэжысёрам Ю.К. Антонавым і мастаком Т. Н. Казлоўскім, сталі «Сланяня» Г. Уладычынай, «Дзед Мароз» М. Шурынавай і «Па шчупаковай волі» А. Тарахоўскай. Трупа, што складаецца з сямі чалавек, з поспехам гастралявала па гарадах і сёлах вобласці. 11 лістапада 1946 года загадам Гарадзенскай абласной Рады Дэпутатаў самадзейны тэатр атрымаў афіцыйны статус, а ў 1947 годзе быў ператвораны ў прафесійны калектыў – абласны тэатр лялек.

У трэці раз Гарадзенскі абласны тэатр лялек быў адкрыты 1 лістапада 1980 года па рашэнню Гарадзенскага аблвыканкама. Тэатр узначалілі выпускнік Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кіно ім. М.Чаркасава (цяпер – Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў) рэжысёр Сяргей Юркевіч і найстарэйшы мастак беларускага тэатра лялек Леанід Быкаў.

Трупа сфармавалася з дыпломнікаў Беларускага Дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кіно ім. Н. Чаркасава і выпускнікоў Гарадзенскай вучэльні культуры.

Першым прадстаўленнем, якое ўбачылі гледачы 25 траўня 1981 года, стаў спектакль «Людвіг і Тутта» У.Багацея і С.Хрыстоўскага па кнізе Я.Экхальма ў пастаноўцы С.Юркевіча і сцэнаграфіі Л.Быкава. Спектаклі «Васіліса Прыгожая» А.Чарняк, «Сіндбад-мараход» Ю.Фрыдмана і У.Шульжыка, «Папялушка» Е.Шварца сталі сапраўднай класікай Гарадзенскага тэатра лялек і дасёння жывуць на сцэне, цешачы ўжо трэцяе пакаленне гледачоў.

У тэатры пастаўлена першая беларуская лялечная опера для дзяцей – «Кузуркіяна» («Опера казюлек») кампазітара П. Кандрусевіча па лібрэта С. Клімковіча. Спектакль, працяты лёгкім адценнем парадыйнасці, уводзіць юнага гледача ў свет музычнага тэатра.

Удумлівы і сур'ёзны падыход да эстэтычнай, маральнай і філасофскай якасці спектакляў для дзяцей, выбар рэпертуару, шматпланавасць і глыбіня сцэнічнага чытання, выкарыстанне ўсёй палітры выразных сродкаў сучаснага тэатра дазволіла стварыць шэраг яркіх, выдатных спектакляў для сямейнага прагляду.

Спектаклі, створаныя па вядомых казках «Марозка» М.Шурынавай, «Красуня і Пачвара» па Лепрэнс дэ Бамон, «Шлях да Батлеема» С.Кавалёва адразу ж прышліся па душы і дзецям, і бацькам.

Пастаўлены ў лепшых традыцыях лялечнага цыркавога шоў «Неверагодны ілюзіён» А. Жугжды быў з поспехам прадстаўлены на гастролях тэатра ў Варшаве, Беластоку, Квідзіне, Тчэве (Польшча) і на фэстывалях у Міндэне (Германія), Алітусе (Літва), Ужгарадзе (Украіна) і Калінінградзе (Расія).

Тэатр працягвае захоплена і плённа працаваць для сталага гледача. У рэпертуары 20 назваў класічных і сучасных п'ес. Шэкспіраўская «трылогія» «Трагедыя пра Макбета», «Сон у летнюю ноч», «Зімовая казка»; пластычна-візуальны артэфакт «Паэма без словаў» па матывах Я. Купалы; лялечнае кабарэ «Чай на дваіх» («Tea for two») А.Жугжды, «Тутэйшыя» Я.Купалы і «Пікавая дама» А.Пушкіна ды П.Чайкоўскага атрымалі гарачае прызнанне не толькі ў гарадзенскай публікі, але і за мяжой, рэгулярна збіраючы на розных міжнародных тэатральных фэсывалях «ураджай» узнагарод.

Сапраўдным фэстывальным лідарам стаў спектакль «Трагедыя пра Макбета» У.Шэкспіра ў пастаноўцы А.Жугжды, які з поспехам прадставіў беларускае тэатральнае мастацтва больш чым на 11-ці міжнародных фэстывалях у 6-ці краінах і сабраў 14 дыпломаў і ўзнагарод.

У 2012-м годзе калектыў тэатра з пастаноўкай «Пікавая дама» перамог на II Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў чатырох намінацыях: лепшы спектакль, лепшы спектакль тэатра лялек, лепшая рэжысура і лепшая жаночая роля. Спектакль, што паўтарыў поспех «Трагедыі пра Макбета», стаў візітнай карткай тэатра і сабраў мноства ўзнагарод на міжнародных тэатральных фэстах, у тым ліку Гран-пры VIII Міжнароднага фэсту тэатраў лялек Spectaculo Interese г. Астрава (2011), VI Міжнароднага фэсту тэатраў лялек «Пятрушка Вялікі» г. Екацярынбург (2012), Міжнароднага тэатральнага фэсту «Vasara» у г. Друскінінкай (2013), Міжнароднага тэатральнага фэсту камерных і монаспектакляў «LUDI» у г. Арол і IV Міжнароднага фэсту «Саламяны жаўрук» імя У.А. Вальхоўскага ў г. Чалябінск (2014), IV Міжнароднага фэсту тэатраў лялек «У гасцях у Арлекіна» у г. Омск (2015).

Толькі за апошнія пяць гадоў тэатр пабываў на гастролях і фэстах у Польшчы (Торунь, Ломжа, Варшава, Ўроцлаў, Кракаў, Гданьск, Беласток, Люблін), Расіі (Разань, Масква, Санкт-Пецярбург, Калінінград), Украіне (Ужгарад), Харватыі (Заграб), Францыі (Лімож, Люссере), Германіі (Міндэн), Літве (Вільнюс, Каўнас, Панявежыс, Алітус), Чэхіі (Прага, Астрава), Венгрыі (Печ), Румыніі (Альба Юлія), Сербіі (Субоціца).

Паказальным стала запрашэнне тэатра для ўдзелу ў такіх буйных драматычных фэстывалях, як «Сустрэчы ў Расіі» (Санкт-Пецярбург, 2002 г.), Шэкспіраўскі фэстываль (Гданьск 2002, 2005 гг.), «Тэатральная канфрантацыя» (Люблін, 2003г.), «Кантакт» (Торунь, 2005г., усё – Польшча). У афішах гэтых фэстываляў спектаклі Гродзенскага абласнога тэатра лялек суседзілі са спектаклямі К. Гінкаса, Э. Некрошюса, П. Брука, Р. Вікцюка.

У 2003 і 2014 годзе творчы калектыў тэатра быў адзначаны адмысловай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтваў «За ўнёсак у развіццё міжнародных культурных сувязяў». Тэатр налічвае ў сваім рэпертуары больш за 35 пастановак для дзяцей, моладзі і сталага гледача, здольных задаволіць самы вытанчаны густ.

У спектаклях шырока выкарыстоўваецца ўвесь арсенал выразных сродкаў сучаснага тэатра лялек: розныя сістэмы лялек, маскі, рухомыя дэталі касцюмаў і дэкарацый, праца актораў у драматычным плане.

У перыяд 2011-2012 гг. прайшла маштабная рэканструкцыя і тэхнічнае пераабсталяванне тэатра. За гэты час рэстаўрацыйныя працы праведзены ў памяшканнях тэатра, сцэне, глядзельнай зале. Прыбудаваны новы адміністрацыйна-гаспадарчы блок для майстэрні, дырэкцыі і дапаможных службаў. Набыта і ўсталявана новае светлавое і гукавое абсталяванне. Таксама ўзмоцнены канструкцыі будынка, заменены камунікацыі. У тэатры з'явілася камерная зала прыкладна на 70 месцаў, тэатральнае кафэ «Шэкспір» і музей.

Выдатны акторскі ансамбль, вытанчаная сцэнаграфія, сучасная канцэпцыйная рэжысура, глыбока гуманістычныя і філасофскія спектаклі робяць Гродзенскі абласны тэатр лялек адным з найцікавых тэатраў Беларусі і блізкага еўрапейскага рэгіёна.