Гісторыя
Ад Францыі да Сахаліна…
Гродзенскаму абласному тэатру лялек пашанцавала, таму што ён можа адзначаць свой Дзень народзінаў тройчы ў годзе: 2 лютага, 1 і 11 лістапада. Паўнапраўны чацвёрты Дзень народзінаў – дата першай прэм’еры 25 траўня. Аднак, аб усім па парадку.
2 лютага 1940 года
У лютым 1940 года ў Горадню гастраляваў Цэнтральны тэатр лялек С. Абразцова. Тут жа пасля акупацыі Польшчы апынуліся Уладзіслаў Ярэма, яго жонка Стафанія і створаная імі трупа тэатра лялек. Пры падтрымцы С. Абразцова 2 лютага 1940 года быў адкрыты Гарадзенскі дзяржаўны тэатр лялек пад кіраўніцтвам У. Ярэмы – першы прафесійны лялечны калектыў у горадзе.
Першай прэм’ерай новага тэатра стаў спектакль «Цырк Тарабумба» У. Ляха. Пазней рэпертуар папоўніўся пастаноўкамі «Тры сястрычкі», «Мішка Баравік», «Патапыч», «Гусяня» Н. Гернэт (рэжысёр усіх спектакляў – У. Ярэма, мастак – Б. Шескин, мастак па ляльках – З. Ляснеўская). Апошняя прэм’ера тэатра – спектакль «Чароўная лямпа Аладзіна» Н. Гернэт – створаны пры падтрымцы С. Абразцова і мастака Б. Тузлукава. Праіснаваў тэатр У. Ярэмы нядоўга: пачалася вайна…
1 лістапада 1980 года
Пасля заканчэння вайны В.Ярэма вярнуўся ў Польшчу, дзе стварыў Кракаўскі тэатр лялек. Тэатр лялек у Гродне вёў паў-прафесійнае існаванне пры Гарадскім доме творчасці да 1 лістапада 1980 года, калі па рашэнню Гродзенскага аблвыканкама Гродзенскі абласны тэатр лялек быў афіцыйна створаны. Тэатр узначалілі выпускнік Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кіно імя Н.Чаркасава (цяпер – Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў) рэжысёр Сяргей Юркевіч і найстарэйшы мастак беларускага тэатра лялек Леанід Быкаў. Трупа сфармавалася з дыпломнікаў Беларускага Дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кіно ім. М. Чаркасава і выпускнікоў Гродзенскага вучылішча культуры.
Першае прадстаўленне
Першым паказам, які ўбачылі гледачы 25 мая 1981 года, стаў спектакль «Людвіг і Тутта» В.Багача і С.Хрыстоўскага па кнізе Я.Экхольма ў пастаноўцы С.Юркевіча і сцэнаграфіі Л.Быкава. Спектаклі «Васіліса Выдатная» Я.Чарняк, «Сіндбад-мараход» Ю.Фрыдмана і В.Шульжыка, «Папялушка» Я.Шварца сталі сапраўднай класікай Гродзенскага тэатра лялек, цешачы некалькі пакаленняў гледачоў.
Сямейныя спектаклі
Удумлівы і сур’ёзны падыход да эстэтычнай, маральнай і філасофскай якасці спектакляў для дзяцей, выбар рэпертуару, шматпланавасць і глыбіня сцэнічнага прачытання, выкарыстанне ўсёй палітры выразных сродкаў сучаснага тэатра дазволіла стварыць шэраг яркіх, выдатных спектакляў для сямейнага прагляду.
Спектаклі, створаныя па вядомых казках «Марозка» М.Шурынавай, «Прыгажуня і Пачвара» паводле Лепрэнса дэ Бамона, «Шлях да Батлеема» С.Кавалёва, адразу ж прыйшліся па душы і дзецям, і бацькам. У апошні час тэатр шмат працуе з самымі маленькімі гледачамі ў фармаце «бэбі-тэатр». Спектаклі «Малютка Дзед Мароз», «Бука-шкодны заяц» і «Хто сказаў «Мяу?» былі высока ацэнены маладымі бацькамі.
Пастаўлены ў лепшых традыцыях лялечнага цыркавога шоу, «Неверагодны ілюзіён» А. Жугжды быў з поспехам прадстаўлены на фестывалях і гастролях тэатра ў Варшаве, Беластоку, Квідзіне, Тчаве (Польшча) і на фестывалях у Міндэне (Германія), Алітусе (Літва) і Калінінградзе (Расія).
«Трагедыя аб Макбеце»
Тэатр захоплена і плённа працуе для дарослага гледача. У рэпертуары тэатра спектаклі па п’есах У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава, Я.Купалы, Н.Гогаля, С.Кавалёва, Р.Гары, і інш. якія атрымалі гарачае прызнанне не толькі ў гродзенскай публікі, але і за мяжой , рэгулярна збіраючы на розных міжнародных тэатральных фестывалях «ураджай» узнагарод.
Сапраўдным фестывальным лідэрам стаў спектакль «Трагедыя пра Макбета» У.Шэкспіра ў пастаноўцы А.Жугчы, які з поспехам прадстаўляў беларускае тэатральнае мастацтва больш чым на 11-ці міжнародных фестывалях у 6-ці краінах і сабраў 14 дыпломаў і ўзнагарод, які аб’ехаў фестывальную прастору ад французскага ўзбярэжжа Атлантыкі да Сахаліна.
Тэатральныя прэміі
У 2012-м годзе калектыў тэатра з пастаноўкай «Пікавая дама» перамог на ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў чатырох намінацыях: лепшы спектакль, лепшы спектакль тэатра лялек, лепшая рэжысура і лепшая жаночая роля. Спектакль, які паўтарыў поспех «Трагедыі аб Макбеце», стаў візітнай карткай тэатра і сабраў мноства ўзнагарод на міжнародных тэатральных фестывалях, у тым ліку Гран-пры VIII Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек Spectaculo Interese г. Острава (2011), VI Міжнароднага фестывалю тэатраў Вялікі» г. Екацярынбург (2012), Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Vasara» у г. Друскінінкай (2013), Міжнароднага тэатральнага фестывалю камерных і монаспектакляў «LUDI» у г. Арол і IV Міжнароднага фестывалю «Саламяны жаўрук» імя У.А. Вальхоўскага ў г. Чэлябінск (2014), IV Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек “У гасцях у Арлекіна” ў г. Омск (2015).
Гастролі і фестывалі
Толькі за апошнія гады тэатр пабываў на гастролях і фестывалях у Польшчы (Торунь, Ломжа, Варшава, Вроцлаў, Кракаў, Гданьск, Беласток, Люблін), Расіі (Разань, Масква, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Омск, Томск, Бранск, Чэлябінск) , Украіне (Ужгарад, Львоў, Днепр), Харватыі (Заграб), Францыі (Лімож, Люсэры), Германіі (Міндэн), Літве (Вільня, Каўнас, Панявеж, Алітус), Чэхіі (Прага, Острава), Венгрыі (Печ), Румыніі (Альба Юлія), Сербіі (Субоціца).
У афішах гэтых фестываляў спектаклі Гродзенскага абласнога тэатра лялек суседнічалі са спектаклямі К.Гінкаса, Э. Някрошуса, П.Брука, Р.Вікцюка.
Рэканструкцыя 2011-2012гг.
Творчы калектыў тэатра быў двойчы (2003 і 2014) адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтваў “За ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей”.
Тэатр налічвае ў сваім рэпертуары больш за 35 пастановак для дзяцей, моладзі і дарослага гледача, здольных задаволіць самы вытанчаны густ. У спектаклях шырока выкарыстоўваецца ўвесь арсенал выразных сродкаў сучаснага тэатра лялек: розныя сістэмы лялек, маскі, рухомыя дэталі касцюмаў і дэкарацый, работа акцёраў у драматычным плане.
У перыяд 2011–2012 гг. прайшла маштабная рэканструкцыя і тэхнічнае пераабсталяванне тэатра. У тэатры з’явілася камерная зала прыкладна на 70 месцаў, тэатральнае кафэ «Шэкспір» і музей.